дай гурок

Май 9, 2011

Я тут, эй.

Спыніліся на секунду, паглядзелі “Пакаленне П”, стала неяк так сабе. Фільм сам склеены як адзін з тых ролікаў, пра якія расказвае, ад гэтага кружыцца галава і ўкачвае. Стоп, спярша пра кніжачку, канешне. Перадгісторыя такая: Жэнька невымерна любіў Пялевіна, мог стаць пасярод кухні, зачытваць і хахатаць. Праз прызму іх шалёных гісторыяў пра фуру шпрот і іншыя дзевяностыя я на Пялевіна і глядзела – нежненька. Чапаева і лісіцу на ровары любіла чуць больш. Але і пакаленне – выдатны матэрыял для экранізацыі, шчыльнай, пругкай, якая змушае забываць арыгінал. Так думаю.

А выйшла панура і напружана. Дыялогі парэзалі хаатычна, каб замяніць паўзамі (права на выкарыстанне паўзаў у кіно павінна выдавацца пасля нейкіх адмысловых ініцыяцыяў). Епіфанцаў раздражняе – глядзіш і нібы жуеш картонны латок для яек. Букету Ахлабысціна раскрыцца не далі, толькі Літвінава сама сабе маладзец (ну гэта калі любіш Літвінаву, мы да). Але больш сумна, што ў арыгінале ёсць задор, балаўство і, у нейкім нават сэнсе, дакументальнасць. У экранізацыі – неакуратнае, фальшывае прыпамінанне, гранне на разладжаных струнах калектыўнай балалайкі. І яшчэ многа там рознага. Хаця я б паслухала таго, каму спадабалася – не ўсё разумею ў сваёй рэакцыі. Кантрасту бы!

Якія ёсць харошыя фільмы пра дзевяностыя, – спытаў у выніку Н. Я сходу назвала “мамунегаруй” і “багіню”, што таксама характарызуе. А праўда, якія?